ВЁСКА I …”ПАСКА”

ВЁСКА I …”ПАСКА”

Раiса Дзейкун, Гомель, Беларусь

Як i спрадвеку, Вёска рыхтавалася да Вялiкадня — галоўнага веснавога свята.
Гаспадары-мужчыны паглядвалi на гадавалых парсюкоў — якога спадручней закалоць? Калi таго, што хвацка хлёбае-хапае мешанку — з яго будзе добрае, тлустае сала i кумпякi, а як таго, што перабiрае ядою, выварочвае яе з карыта — сала будзе з мяснымi пражылкамi, а сцёгны — сухаватымi.
Галовы жанчын былi заняты iншым. Хаты “да Паскi”, як на Палессi кажуць, павiнны былi зiхацець чысцiнёю — каб жа суседзi не абгаварылi, а госцi пахвалiлi, ды самiм было ўтульна i радасна сустракаць Вялiкi святы дзень. За месяц-другi да яго гаспадынi выносiлi на прасушку i праветрывалi падушкi, матрацы, дываны; з вокнаў знiмалi фiранкi, гардзiны — на мыццё-падсiньванне; бялiлi грубкi, печы, столi i кухнi. Некаторыя, маладзейшыя, мянялi ў пакоях шпалеры. Пасля такога “марафету” ў хатах станавiлася чыста i святочна.
Прыбiралiся-падмяталiся i панадворкi, наводзiўся парадак нават у хлявах, адрынах. Падграбалiся агароды. Дзе-хто па восенi ўправiўся пазгрэбваць стары бульбоўнiк i папалiць яго, а хто — спецыяльна пакiнуў, каб з бацвiння дажджы i снег вымачылi-вымаразiлi ўсе спажыўныя рэчывы адразу ў зямлю. Пасля зiмоўкi рэшткi бульбоўнiку вяскоўцы сцягвалi да куч i палiлi. Дым ад смаленых кабаноў, паленага смецця на агародах перамешваўся ў адзiн пах, якi прадвяшчаў, што хутка настане Вялiкдзень.
Вопратцы жанчыны таксама ўдзялялi не абы якую ўвагу: старэйшыя шылi новыя сукенкi або кофты ў мясцовай краўчыхi, маладзейшыя ехалi па ўборы для ўсёй сям’i на базар у Хойнiкi або ў Чарнiгаў (на пароме да яго рукой падаць). Там яны прыкуплялi сабе штосьцi маднейшае, а старым маткам — “свежую” хустку-гарусоўку, вiгоневую або шарсцяную кофту з кiшэнямi (у адну — лузанцоў, у другую — семак насыпаць, каб, седзячы на лавачцы святочнай вулiцы, частавала суседак i вулiчную дзятву).
А ўжо як сур’ёзна i адказна гаспадынi ставiлiся да працэдуры фарбавання яек — спаконвечнага, нязменнага атрыбута доўгачаканага Вялiкадня! Адны на працягу года збiралi шалупiнне з цыбулi, iншыя, каб пафарсiць i ўцерцi носа суседкам, куплялi на базары фарбы.
Дзецi аж бiлiся за тыя сiнiя цi зялёныя “крашанкi”, бо пафарбованыя шалупiннем былi не такiя, на iх погляд, прывабныя. “Пад вялiкiм сакрэтам” яны зараней расказвалi-хвалiлiся адно аднаму, ў каго якiя яйкi будуць, i дамаўлялiся на што будуць гуляць “у мацакi”. У хлопцаў-падлеткаў былi свае каштоўнасцi: адзiн вельмi хацеў выйграць маленькi ножык-сцiзорык у сябра, а той — незвычайную чатырохкаляровую ручку. У дзяўчатак — свае забаганкi-дамовы: абмен карткамi-артыстамi, прасценькiмi пярсцёнкамi з шклянымi вочкамi-“дыямантамi”, клiпсамi i iншымi прыкрасамi. А яшчэ — абмен першымi букецiкамi першакветак, за якiмi яны ў той дзень (абавязкова) бегалi ў блiжэйшы лес. Меншыя iх брацiкi i сястрычкi пры бiццi мацакоў таксама мянялiся сваiмi любiмымi цацкамi…
У велiкодны дзень i пасля яго вулiцы Вёскi, асаблiва вакол лавачак, былi, нiбы тымi дыванамi, засыпаны-укрыты рознакаляровым шалупiннем велiкодных яек, сланечнiкавых i гарбузовых семак, лясных арэхаў…
Напярэдаднi свята, у Вялiкую суботу, “удосвета”, над камiнамi хат да неба ўзвiвалiся колцы дыму — колцы жывой, люднай вёскi. Гаспадынi пачыналi чараваць над прыгатаваннем абрадавай i святочнай ежы.
Перш-наперш замешвалася цеста для выпякання ў печы велiкодных булак-кулiчоў — без iх якая ж “Паска”? Цеста павiнна было “падысцi”, каб жа булкi былi “бухонымi” (пульхнымi), а не пляскатымi блiнамi. У кожнай гаспадынi Вёскi былi свае рэцэпты iх прыгатавання, якiя перадавалiся з пакалення ў пакалення. Яйкi, малако, тварог былi дамашнiя — мука, разынкi i дрожджы зараней прыдбаны-нарыхтаваны.
Пакуль у дзежачках, мiсках, тазiках падыходзiла цеста для булак, печ застаўлялася вялiзнымi чыгунамi з бульбай — для жывёлы. Тры днi Вёска будзе гуляць-адпачываць. Яе жыхары, ад малога — да вялiкага, ведалi: “Працаваць на Паску — вялiкi грэх!”. Кармiць-паiць жыўнасць — грахом не лiчылася. Усе велiкодныя днi печ не будзе палiцца — так ушаноўвалася смерць Збавiцеля. Калi печ добра прагравалася, наступала чарга кумпякоў, булак, яек… Ужо апоўднi Вёска плыла-купалася ў водарах смажанай, печанай варанай ежы. Наперадзе чакала перадвелiкодная ноч набажэнства — “усяночная”.
Потым наступаў доўгачаканы ранак таго дня, калi гаспадынi паводле спаконвечнага звычая сваiх дзядоў-прадзедаў налiвалi ў мiсачку са свянчонымi “крашанкамi” ваду i ўся сям’я апаласквала тою вадой твары, каб былi яснымi, прыгожымi цэлы год. Толькi пасля гэ тай працэдуры можна было сядаць за святочныя сталы. Першымi трэба паспытаць велiкодную булку, яйка (пабiцца перад гэтым iм з сямейнiкамi) i толькi потым прыступаць да смакавання ўсяго таго, чым застаўляўся стол.
Закончыўшы велiкодны сняданак, вяскоўцы выходзiлi на святочныя вулiцы i “хрыстосавалiся” з суседзямi. З нязменным воклiчам: “Хрыстос уваскрос!”, а тыя у адказ: “Ваiсцiну ўваскрос!” — тры разы абдымалiся-цалавалiся i абменьвалiся “крашанкамi”. I так — тры днi!…
Кажуць: чалавек толькi гадае, а Бог — ведае i мае!
Нiхто з тых, хто так рыхтаваўся да Вялiкадня, нават у самым жудасным сне, не бачыў, што якраз “на Паску”, у святы дзень, калi ў праваслаўных цэрквах будзе адбывацца асвячэнне велiкодных яек i булак-кулiчоў, iм давядзецца пакiдаць сваю Вёску…

У той чорны год i ў той майскi дзень, што таксама стаў чорным, у Вёсцы адбыўся вялiкi гвалт. Аўтобусы, нiбы вялiзныя ненажэрныя жукi-пачвары, забiралi сваю здабычу — людзей — i везлi iх (пад трывожныя сiрэны даiшных “канарэек”) i ад булак-кулiчоў, i ад кумпякоў, i ад “крашанак-мацакоў”…
Пасля таго, на здзiўленне сонечнага, як заўжды, дня, таго праклятага Богам i людзьмi года, над камiнамi хат Вёскi болей не вiўся колцамi ў неба шэра-блакiтны дым жыцця, паветра болей не было напоўнена смачнымi пахамi печанага, смажанага, вэнджанага. Па яе вулiцах болей не бегалi з “мацакамi” дзецi, на лавачках не сядзелi ў святочных уборах людзi, дзяўчаткi-падлеткi не iшлi да блiжэйшага лесу па першакветкi…
Вулiцы Вёскi, сталi ў той дзень пустымi i чыстымi. Без людзей, без рознакаляровага шалупiння яек, семак i арэхаў яны хутка пачалi травянець, а з часам зараслi быльнягом i хмызнякамi…

У той год, “на Паску”, Вёска… памерла…
I толькi былым яе жыхарам яна i цяпер снiцца. Снiцца жывая…

comments powered by HyperComments