Творчество Марины Сливко

Поэзия

 Марина Сливко, Могилев, Беларусь

ЖАБРАЧКА

Я хадзiла па людзях,
Я шукала кахання,
З марай светлай, што будзе
Ад журбы ўратаванне.

Я так доўга сачыла
За чужымi вачамi:
Паглядзіце, жанчына
Паўстае перад вамi!

Ды жабрацтва нiкому
Не прынесла багацця —
Не патрэбна сляпому
Аксамiтнае плацце.

Падышла да люстэрка,
Там… нiкога не бачна,
I з падказкай — паперка:
“Будзь сабе ты ўдзячна!”

Вось калi завiтала
Да сябе, як дадому,
Дык жыццё мне заззяла
Чысцiнёй незнаёмай.

Я гляджуся ў вочы
Тых, каго сустракаю,
Бачу воблiк жаночы —
Ў iм прывабнасць якая!

Я — багацця крынiца
I прытулак адзiны!
Мех мой недзе пыліцца
З той жабрацкай часіны.

ВЕРУЮ!

Паляванне
На блакітную кветку
Матэматычнай
Аксіёмы
Прывяло мяне
Ў стан
Драпежнага
Ідэалізавання
Чалавечага
Розуму.

Ля маіх ног
Пакарыцеля
Сусвету
Паслухмяна
Згарнуўся
Зорны
Рой…

Але хто ж
Прашаптаў
У тую хвіліну
Маімі
Сасмяглымі
Вуснамі
Гэта
Мядзвяна-
Палыновае:
“ВЕРУЮ!” ?

УСЁ ПРОСТА

І гэта ўсё?
Усё так проста?
Няма ні крыўд
Іржавых,
Ні хрусткага
Жадання
Адплаты
Немаведама каму?!
Чаму
Мой твар
Усмешка ціхая
Аблюбавала?
Яна
З вясёлкавым
Прысмакам
Навальніц!
Суніц
Талерачка,
Збаночак малака
І хлеб.
Цікава…
З’явіліся яны —
І беды адышлі,
А на душы
Ласкава
Пяе
Дзіцячая мелодыя
Крыніц!

БРУСНІЧНЫЯ ДАЖДЖЫ

Сціскаючы ў далонях небасхіл,
Заплакаў лес
Бруснічнымі дажджамі.
Не!
Гэта быў
Не прыгавор каханню:
Яно,
Бы полымя кляновае,
Гарэла!
Ды сэрца молатам
Выстуквала
Прызнанні,
А потым
І наогул
Так запела
Пра лёс жаночы
Позняга
Спаткання,
Што Сонца
Да сваіх
Братоў-свяцілаў
Панесла
думкі,
Што
Ўзышлі
Між
Намі…

ВАЎЧЫЦА

Хто я па сутнасці?
Жанчына! Дзякуй Богу!
Але здараецца такое,
Што апоўначы
Я выю, як ваўчыца,
І з глыбіні
Маёй істоты
Выходзіць
Старая,
Нібы матухна Зямля,
Туга.
Глядзіць яна навокал,
І стомленыя вочы
Пранізваюць абшар,
І час непадуладны.
І ў гэтае імгненне
Я адчуваю,
Як цячэ па жылах
Ваўчыцы кроў,
На лапах поўсць сівее…
І я іду,
Іду на зорны заклік.
Вядзе мяне
Ў сусветную прастору
Мой продак і нашчадак —
Млечны шлях.

comments powered by HyperComments